СЛАВЯ́НА-ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ,

адна з першых агульнаадук. вышэйшых навуч. устаноў у Расіі. Засн. ў Маскве ў 1687 па ініцыятыве Сімяона Полацкага, наз. Эліна-грэч. акадэміяй або Славяна-грэка-лац. вучылішчам. Размяшчалася ў Заіканаспаскім манастыры. Першыя кіраўнікі і выкладчыкі — грэкі-манахі, д-ры Падуанскага ун-та браты Іаанікій і Сафроній Ліхуды. Рыхтавала святароў, перакладчыкаў, рэдактараў кніг, выкладчыкаў. У межах акадэміі ажыццяўляліся рэцэнзаванне духоўных кніг, выпраўленне слав. перакладу Бібліі, барацьба з ератыкамі і вераадступнікамі. У 17 ст. выкладаліся слав., грэч. і лац. мовы, «сем вольных мастацтваў» і багаслоўе. З 18 ст. курс навучання пашырыўся (ням. і франц. мовы, медыцына, фізіка). У 1701 акадэмія перайменавана ў Славяна-лацінскую, у 1775 — у С.-г.-л.а. У 1814 пераўтворана ў Маскоўскую духоўную акадэмію і пераведзена ў Троіца-Сергіеву лаўру. У акадэміі вучыліся многія вядомыя дзеячы рус. культуры 17—18 ст., у т. л. М.​В.​Ламаносаў, А.​Дз.​Кантэмір, В.​К.​Традзьякоўскі, першы рус. д-р медыцыны П.​В.​Поснікаў і інш.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)